Галоўная / Рэгіён / Асобы / Геаграфія

Геаграфія

Браслаўскі раён размешчаны на паўночным захадзе Віцебскай вобласці. Яго плошча - 2,2 тыс. Кв. км.

Раён мяжуе з Шаркаўшчынскім, Міёрскім і Пастаўскім раёнамі.

Цэнтр раёна - г.Браслаў. На тэрыторыі раёна знаходзіцца канчатковы пункт чыгункі Варапаева-Друя. Аўтамабільныя дарогі на Шаркаўшчыну, Друю, Паставы, Даўгаўпілс (Латвія). Праз тэрыторыю Браслаўскага раёна праходзіць нафтаправод «Дружба». Браслаўшчына здаўна заваявала славу аднаго з найпрыгажэйшых прыродных куткоў Беларусі. Тут на адносна невялікай тэрыторыі засяроджана вялікая колькасць азёр, акружаных маляўнічымі пагорыстымі ландшафтамі. Асабліва прыгожыя мясцовасці, размешчаныя на поўнач ад Браслава, дзе знаходзяцца найбуйнейшыя азёры і цэлыя грады пагоркаў.

Рэльеф Браслаўскага азёрнага краю адрозніваецца маладосцю і захаванасцю ледавіковых і водна-ледавіковых формаў. Большая частка раёна размешчана ў межах Браслаўскай грады, на поўдні – частка Полацкай нізіны. Асноўная частка тэрыторыі раёна занята ўзгорыста-марэннымі-азёрнымі ландшафтамі, з наяўнасцю ўнікальных форм рэльефу як камы і озы. Пераважаюць вышыні 130-160 метраў. Максімальная вышыня -210 м. Карысныя выкапні: торф, лёгкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял.

Паміж азёрамі Нядрова і Поцех выцягнутая на 1,2 км класічная озавая града. Яе адносная вышыня 30-35 метраў, крутасць схілаў дасягае 35-50 градусаў. Гэта ўнікальны помнік ледніковай эпохі. У раёне працякае буйная рака Заходняя Дзвіна з прытокамі Дзісна і Друйка.

Браслаўшчына – азёрны край. Возера займаюць каля 10% плошчы раёна, найбольш буйныя: Дрывяты, Снуды, Струста (ўваходзяць у Браслаўскую групу азёр), Богінскае, Дрысвяты і Рычы.

У басейне р.Друйка размешчана найбуйнейшая ў Беларусі Браслаўская група азёр, якая ўключае 31 возера агульнай плошчай 113,2 квадратных кіламетраў. Большасць азёр злучана невялікімі рэкамі, ручаямі, канавамі і пратокамі (даўжыня сеткі каля 300 км). Рыбапромысловае значэнне маюць 68 азёр. Агульная плошча сельгасугоддзяў раёна складае 43 % тэрыторыі. Пад лесам каля 35% тэрыторыі раёна.

У 1995 годзе на тэрыторыі раёна створаны Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». Парк займае плошчу 70 тыс. гектараў, або каля трэці плошчы раёна. Працягласць парку з поўначы на поўдзень складае 56 км, шырыня вагаецца ад 7 да 29 км. Каля 13 % яго тэрыторыі займаюць азеры. Лясы займаюць 46 % тэрыторыі парку.

Багаты і разнастайны жывёльны свет нацыянальнага парку. У азёрах водзіцца больш за 20 відаў рыб, у тым ліку такія каштоўныя як вугор, судак, шчупак, мянтуз. Сустракаецца больш за 200 відаў птушак, з іх 45 відаў адносяцца да рэдкіх і знікаючых, 189 відаў гняздуюцца па тэрыторыі парку. З буйных жывёл у лясах водзяцца лось, мядзведзь, кабан, казуля, воўк, рысь. Батанікі налічылі на тэрыторыі парку каля 800 відаў флоры. 20 відаў з'яўляюцца рэдкімі для Беларусі.

На тэрыторыі Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» маюцца заказнікі рэспубліканскага значэння: ландшафтны – Межазёрны, біялагічны – Забалоцце, гідралагічны – Рычы.