Кніга "Наш Прэзідэнт" паступіла ў продаж у магазіны абласных цэнтраў. Такая інфармацыя была агучана 12 лютага на прэзентацыі гэтага дакументальна-біяграфічнага нарыса для калектываў Дзяржсакратарыята Савета бяспекі, Адміністрацыі Прэзідэнта і Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, арганізаванай па іх запыце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзентаваў кнігу яе аўтарскі калектыў - Аляксандр Радзькоў, Наталля Эйсмант, Уладзімір Пярцоў, Аляксандр Карлюкевіч.
Як расказала прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант, у час работы над гэтым унікальным выданнем аўтары, вядома, меркавалі, што кніга выкліча цікавасць у аўдыторыі і нават, магчыма, ажыятаж. "Мы разумелі, што сябры, а тым больш ворагі, будуць пад мікраскопам разглядаць гэту кнігу. Але, шчыра кажучы, такога мы не чакалі. Ужо выдадзены ўвесь запланаваны на першы момант тыраж, і практычна ўвесь ён прададзены. Існуе чарга (на набыццё кнігі. - Заўвага БЕЛТА), якая пераўзыходзіць запланаваны тыраж", - сказала Наталля Эйсмант.
Адразу пасля таго, як стала вядома аб выхадзе ў свет кнігі "Наш Прэзідэнт", з розных куткоў краіны сталі паступаць шматлікія пытанні - людзі пыталіся, дзе яе можна набыць. Паколькі цікавасць аказалася такой значнай, прынята рашэнне накіраваць друкаванае выданне для продажу ў абласныя цэнтры. "Кніга ўжо з'явілася ў рэгіёнах. У кожным абласным цэнтры вызначана па аднаму магазіну, у які паступіла гэта кніга, і мы рады, што жыхарам абласцей не трэба будзе ехаць у Мінск для таго, каб гэту кнігу дастаць", - расказала прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў растлумачыў, што для продажу кнігі выбраны не толькі магазіны сістэмы "Белкніга", але і іншыя знакавыя аб'екты гандлю ў рэгіёнах, дзе можна дастойна прэзентаваць такое выданне, як дакументальна-біяграфічны нарыс "Наш Прэзідэнт". На гэты час кніга паступіла ў продаж у магазіны "Дружба" (Брэст), "Кнiжная зорка" (Віцебск), "Кніжны свет" (Гомель), "Ранiца" (Гродна) і "Букініст" (Магілёў).
Уладзімір Пярцоў таксама ўспомніў, як у час першай прэзентацыі кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы ён адзначыў складанасць у вызначэнні тыражу гэтага выдання. Кнігі ў Беларусі звычайна выдаюцца тыражом каля 1 тыс. экзэмпляраў, у розных дапаможнікаў ён можа быць у некалькі разоў большы. "Разумеючы, што тысячу напэўна трэба памнажаць на пяць, мы выдалі пяць тысяч, і гэты тыраж фактычна ўжо раскуплены, - расказаў Уладзімір Пярцоў. - Цяпер мы сціпла падыходзім да яшчэ дзесяці тысяч (дадатковых экзэмпляраў. - Заўвага БЕЛТА) і не можам з упэўненасцю сказаць, што гэта будзе толькі адзін тыраж, таму што попыт ёсць". Паводле яго слоў, ёсць значная колькасць заявак на калектыўную і індывідуальную закупку. Усё актыўней пачынаюць паступаць заяўкі з-за мяжы, у прыватнасці з Расіі. Можна меркаваць, што цікавасць да выдання за мяжой будзе нарастаць, таму ўжо цяпер ёсць планы па перакладзе і выданні кнігі на англійскай мове.
Цікавую і вельмі паказальную гісторыю пра шчырую, непадробную цікавасць публікі да кнігі "Наш Прэзідэнт" расказаў у час прэзентацыі доктар педагагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі Аляксандр Радзькоў. "Мы з самага пачатку разумелі, што кніга выкліча вялікую цікавасць, прычым ва ўсіх чытачоў: і вучоных, і адміністрацыйных работнікаў, і настаўнікаў, і моладзі, і ветэранаў. Гэта было чакана, - сказаў ён. - Але калі кніга выходзіць у свет, заўсёды ёсць нечаканыя назіранні, ацэнкі. Мы бачылі, што тыраж хутка разыходзіўся, людзі вельмі хацелі купіць і не ўсім хапала, таму запісваліся ў чаргу. У магазіне "Светач", як расказвалі прадаўцы, дзяўчынка-школьніца вельмі прасіла: "Дайце мне кнігу без запісу! У майго таты дзень нараджэння, і я хачу зрабіць яму такі падарунак". Вось такія шчырыя, кранальныя рэчы, яны красамоўна сведчаць аб тым, што сапраўды ўсім беларусам (і не толькі) гэта кніга цікавая".-0-
Да спіса