Деревня оказалась в центре внимания. Наталья Качанова посетила Браславский район с рабочим визитом.

У цэнтры ўвагі - вёска. Браслаўскі раён з рабочым візітам наведала Наталля Качанава

Браслаўскі раён з рабочым візітам наведала Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава. Спікер прыняла ўдзел у сумесным пасяджэнні Прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама, азнаёмілася з вытворчым патэнцыялам СВК «Маяк Браслаўскі» і правяла сустрэчу з працоўным калектывам МТК «Опса» гэтай гаспадаркі.

Чаргавое сумеснае пасяджэнне Прэзідыума Браслаўскага райсавета І райвыканкама прайшло з удзелам Наталлі Качанавай і было прысвечана ўзаемадзеянню суб'ектаў у справе вырашэння пытанняў жыццезабеспячэння сельскага насельніцтва раёна. Разгледзелі яго на прыкладзе Відзаўскага сельсавета.

Галоўную тэму парадку дня разам з садакладчыкамі падрабязна раскрыла старшыня сельсавета Наталля Залатуха. Яна пазначыла ўвесь спектр напрамкаў работы органаў улады, дэпутатаў, працоўных калектываў арганізацый, грамадскіх фарміраванняў. У поле зроку дакладчыка трапілі аспекты вытворчасці і сацыяльнай сферы, добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі, захавання гістарычнай памяці і працы са зваротамі грамадзян, падтрымання на тэрыторыі правапарадку і бяспекі, а таксама многія іншыя.

Кіраўнік раённага дэпутацкага корпуса Ніна Пучынская адзначыла, што на Браслаўшчыне ў цэлым вядзецца вялікая работа па вырашэнні праблем мясцовага значэння і развіцці тэрыторый. «Для гэтага ў нас ёсць адказныя людзі, стабільнае фінансаванне і давер з боку жыхароў раёна. Праблемы бачым. Над іх рашэннем працуем сістэмна, аператыўна і эфектыўна», – падкрэсліла яна.

На гэтым фоне Наталля Качанава зарыентавала ўдзельнікаў сумеснага пасяджэння на дзелавую размову ў фармаце дыялогу, заклікала смялей гаварыць аб заўвагах, асабліва тых, што ідуць ад народа. У гэтым кантэксце прагучалі набалелыя пытанні датычна стану дарог да асобных аддаленых населеных пунктаў, а таксама недастатковай магутнасці існуючых электрычных сетак. Па словах М. Залатуха, сёння ёсць жадаючыя прыехаць у вёску і жыць тут, аднак названыя фактары стрымліваюць тэмпы жыллёвага будаўніцтва. У адказ старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што такія праблемы актуальныя для многіх рэгіёнаў, і паабяцала са свайго боку садзейнічанне ў іх вырашэнні на ўзроўні міністэрстваў і нават віцэ-прэм'ера.

Яна таксама завастрыла ўвагу на неабходнасці больш актыўна працаваць з нежылымі дамамі, выказала ўпэўненасць, што сёння ёсць шмат жадаючых стаць гаспадаром нерухомасці ў такіх прыгожых раёнах, як Браслаўскі. Трэба толькі падказаць ім аб існуючых магчымасцях.

Таксама Наталля Качанава падкрэсліла важнасць стварэння камфортных умоў для жыцця ў сельскай мясцовасці ў цэлым. "Трэба, каб людзі жылі тут, каб у іх нараджаліся дзеці. Для гэтага неабходна працаваць з інвестарамі, ствараць новыя вытворчасці і працоўныя месцы, будаваць жыллё. Пытанне вельмі важнае. Як кажа наш прэзідэнт, будзе жыць вёска – будзе жыць краіна», – нагадала спікер.

Важнай часткай праграмы знаходжання Наталлі Качанавай у нашым раёне стала наведванне СВК»Маяк Браслаўскі". Яна ацаніла падрыхтоўку сельгаспрадпрыемства да ўборачнай кампаніі, ёй далажылі аб бягучым стане спраў у гаспадарцы, пазначылі перспектывы развіцця вытворчасці.

Падчас візіту на новы малочнатаварны комплекс «Опса» Старшыня Савета Рэспублікі не толькі пазнаёмілася з тэхналогіяй утрымання жывёл, пацікавілася ўмовамі працы людзей, але і правяла сустрэчу з працоўным калектывам МТК.

"Сёння перад аграпрамысловым комплексам Віцебскай вобласці пастаўлены сур'ёзныя задачы. Трэба прыбаўляць, неабходна эфектыўная работа кожнага сельгаспрадпрыемства. І тут важна выбраць свой кірунак, сваю спецыялізацыю. "Маяк Браслаўскі" - гаспадарка, якая працуе стабільна і заслугоўвае высокай ацэнкі. Тут ёсць свая перапрацоўка, а гэта іншая дабаўленая вартасць прадукцыі, свая гандлёвая сетка. Тут аднолькава ўважліва ставяцца і да людзей, і да справы. Упэўнена, гэта добры прыклад для пераймання. У тым ліку пры вырашэнні задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы. Яны правільныя, ідуць ад жыцця, ад зямлі і накіраваны на далейшае развіццё кожнага рэгіёна нашай краіны», – адзначыла Наталля Качанава.

Вяртаючыся да слоў Аляксандра Лукашэнкі, яна дадала, што менавіта на месцах, у канкрэтных гаспадарках ствараецца велізарны вытворчы і экспартны патэнцыял Беларусі, яе харчовая бяспека.

"І памятайце пра словы Прэзідэнта" Дайце эканоміку, а астатняе я зраблю", якія ён казаў, маючы на ўвазе захаванне міру на нашай зямлі. Беларускі лідар робіць усё магчымае і немагчымае, каб захаваць у краіне спакой. У нашых жа сілах дапамагчы яму ў гэтым сваёй сумленнай працай", - нагадала спікер, падводзячы вынікі сустрэчы.

Газета "Браслаўская звязда"