ГІСТОРЫКА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ
Кантактная інфармацыя і рэжым працы
Па ўсіх пытаннях Вы можаце патэлефанаваць па тэл. 8 (02153) 27062, прыйсці па адрасе: г. Браслаў, вул. Энгельса, 39, напісаць на e-mail: museum@braslav-region.by
Наведаць музей Вы можаце ў любы дзень, акрамя панядзелка, з 9.00 да 19.00, у суботу і нядзелю з 10.00 да 19.00.
Аб музеі
Гісторыка-краязнаўчы музей размешчаны ў драўляным асабняку пачатку ХХ ст. у цэнтры Браслава. Экспазіцыя музея складаецца з шасці залаў і змяшчае ўнікальныя экспанаты, якія з’яўляюцца рэдкасцю не толькі для Беларусі, але і для ўсіх усходнеславянскіх зямель. Наведаўшы музей, можна пераканацца, што Браслаў з’яўляецца адным з самых старажытных гарадоў Беларусі.
Найбольш цікавымі экспанатамі з’яўляюцца: старажытнаегіпецкая статуэтка «ушэбці», багатыя калекцыі якіх можна сустрэць у еўрапейскіх музеях, унікальны комплекс жаночых упрыгожванняў ХІ ст., выяўлены пры археалагічных раскопках кургана ў наваколлі возера Укля. Упрыгожванні сярэднявечча дапаўняе знаходка з гарадзішча Маскавічы – фібула, дэкор якой і праз некалькі стагоддзяў не згубіў сваёй яскравасці.
У музеі экспануюцца матэрыялы, якія сведчаць пра раннюю пісьменнасць мясцовых жыхароў. Гэта металічныя пісалы, прасліца ХІ ст. з кірылічнымі знакамі «ДЭПРЯСЛ» і ўнікальныя знаходкі з гарадзішча Маскавічы – косці жывёл з малюнкамі і рунічнымі надпісамі.
Багатую гісторыю мае Браслаўшчына прыфрантавая часоў Першай сусветнай вайны. Асобны зал прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа на Браслаўшчыне.
У музеі знаходзіцца калекцыя работ вядомага беларускага мастака, ураджэнца браслаўскага краю Пятра Сергіевіча. У экспазіцыі прадстаўлены яго раннія працы, у асноўным партрэтнага жанру.
Музей мае багатыя зборы прадметаў этнаграфіі і бытавога прызначэння ХХ ст. Прадстаўлены браслаўскія рушнікі, музычныя інструменты, посуд, гадзіннікі, прадметы рэлігійнага прызначэння. Цікавым з’яўляецца сярэбраны скарб, які знойдзены ў в. Слабодка.